Мэш-эксперыменты ў Бразіліі

Author: l_wells. Link to original: https://falanster.by/be/news/mesh-eksperymenty-u-brazilii (Belarusian).

Translations of this material:

into English: Mesh experiments in Brazil. Translated in draft, editing and proof-reading required.
Submitted for translation by l_wells 07.01.2017

Text

У першай дэкадзе кастрычніка ўдзельнікі Мэш-клубу пабывалі на злёце актывістаў, якія развіваюць камунікацыі ў супольнасцях па ўсім свеце. Бразілія, пальмы, горы, бананы і яркае сонца былі атрыбутамі плённай супрацы.

Рыа-дэ-Жанэйра горад, які ўражвае не толькі сваім кліматам і велічынёю, але і актыўнымі людзьмі, якія робяць эксперыменты з мэш-сеткамі ў горных мястэчках і фавэлах, змагаюцца за свабоду спектру, ствараюць радыё- і тэлестанцыі.

Фаланстэраўцы пазнаёміліся з прыкладам пабудовы сеткі ў гарах: у невялічкай вёсцы Фумаса актывісты і мясцовыя жыхары разгарнулі мэш-сетку на некалькі вузлоў з лакальнымі сэрвісамі (вікі, дзе збіраюцца фотаздымкі ды інфармацыя) і выхадам у інтэрнэт.

Да гэтай сеткі мясцовы хлопец Бруну з Рыа далучыў сваю фазэнду ў гарах праз антэну, якая месціцца на дрэве на вяршыні ўзгорку за 2 км ад Фумасы. Ад горнай фазэнды да антэны пракладзены дрот – 300 м праз балота, ручай і зараснікі. Бруну з мачэтэ пракладаў дарогу і шчыра раіў не браць з яго прыкладу – не рабіць такога экстрэмальнага далучэння мэш-вузла. Ён аматар свабодных тэхналогіяў камунікацыі ды разам з сябрамі з Сан-Паўлу метадычна навярняе на мэш-веру мясцовыя супольнасці.

Гі з Аргентыны і ягоная сяброўка Іза з Аўстрыі ладзяць мэш-сеткі ў фавэлах Буэнас-Айрэсу і ў мястэчках у межах суполкі «Alter Mundi». Тэмпераментныя і цёплыя людзі, яны бесперапынна выпраменьвалі пазітыў. Халерычны аргентынец як распрацоўнік ПЗ для ad-hoc сетак «Libre Mesh» паказаў, што праграмісты – не абавязкова флегматыкі, і дарыў свае шчырыя абдымкі ўсім.

Рамантыкі Кіно і Дэіў з мексіканскага горада Уахака (Oaxaca) з арганізацыі «Rhizomatica» падзяліліся досведам разгортвання мэш- і GSM-сетак у супольнасцях невялічкіх горных вёсак. Жыхары адной вёскі могуць пабачыць другую на схіле насупраць, але дабрацца адзін да аднога на машыне – 7 гадзін язды. Тут не толькі праца з тэхнічным бокам, але і з супольнасцю, якую хлопцы вучаць працаваць з тэхналогіямі, берагчы іх і падтрымліваць.

Танья і Люіс з Нікарагуа развіваюць камунікацыі ў сваім кааператыве і вядуць мясцовую радыётрансляцыю, працуюць з тэмай абароны жанчын і дзяцей ад гвалту.

Прыклады працы з сеткамі прывезлі Раян і Эндзі з «Open Technology Institute» (Вашынгтон, ЗША). Яны працуюць з ПЗ «Commotion», якое мы выкарыстоўваем у Мэш-клубе, дапамагаюць суполкам у тэхнічных і сацыяльных момантах.

Сустрэча такіх розных і па-свойму падобных людзей натхняе і на супрацу, і на камунікацыю, і на працяг эксперыментаў. У кожным рэгіёне ёсць свае нагоды ствараць гарызантальныя камунікацыі, але шмат якія з праблемаў і спосабы іх вырашэння – падобныя, нягледзячы на тысячы кіламетраў адлегласці паміж нашымі краінамі! Таму – будзьце мэш! І трымайце руку на пульсе тэхналогіяў!

П.С. Чароўная Бразілія не пакінула нас абыякавымі – мы падзяліліся не толькі ведамі, але нечакана і рэчамі з жыхарамі Рыа, чым пацвердзілі лозунг: «Дзяліцца – значыць, клапаціцца!» :) А набылі значна больш – набылі сонца!